top of page

У. Калеснік. Янка Брыль. Нарыс жыцця і творчасці

      «Калі Я. Брыль выношваў і пісаў апавяданне «Memento Mori» (1958), ні ён, ні літаратура не мелі яшчэ таго мноства фактаў, што прыйшло з кнігай «Я з вогненнай вёскі». Не адразу скарыстаў ён для творчасці пачуты ад М. Васілька расказ пра смерць іх агульнага друга Данілы Скварнюка. Трагічная смерць блізкага сябра ўзрушыла яго і не давала спакою.

      У сэнсе характару пячнік мог бы быць родным братам гераіні апавядання «Маці». Узровень духоўнага жыцця і маральныя стымулы паводзін у яго тыпова народныя, высокія. Вось у разгар карнай аперацыі яго вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра: «Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць».

   Партрэт гэты тонка падрыхтоўвае аб’яўленне выключнага ў звычайным, духоўнага ў будзённым, высокага ў непрыгожым. Пячнік жахаецца тут без страху за сябе: яго вочы скамянелі, а бяскроўныя губы змоўклі, бо жахлівыя падзеі не месцяцца ў яго душы. Для печніка трагедыя не толькі ва ўласнай смерці, трагедыя — у дапушчальнасці вось такой бязвіннай масавай смерці.

Калесник.jpg

    У.А. Калеснік

     Са стану скамянеласці печніка выводзіць жэст ласкі і пытанні зондэрфюрэра. Дыялог з печніком — ядро кампазіцыі твора. У ходзе гэтага дыялога адбываецца канфрантацыя двух ідэалаў жыцця, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей, двух характараў. Удзельнічаюць у ім двое размоўцаў і пасрэдніца — перакладчыца, фройляйн Вэра, «істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы», што, звяртаючыся да шэфа, выклікала на твар «крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі». Яна хоча зрабіць выказванні зондэрфюрэра больш зразумелымі печніку, спрошчвае іх, каменціруе, нешта ўстаўляе ад сябе. Інтэрпрэтацыя перакладчыцы не збліжае пазіцыі размоўцаў, а яшчэ больш падкрэслівае іх несумяшчальнасць.

     Тое, што перакладчыца як-ніяк зямлячка, а заняла пазіцыю ворага, аказалася апошняю кропляй, якая вызваліла ў печніку сілы здранцвелай душы: «Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам узняў галаву».

     Назва «Memento Mori» узята з антычнай культуры. Старажытнаму рымляніну ці грэку гэты афарызм напамінаў, што сапраўдны чалавек павінен, як гаварыў Арыстоцель, «пагарджаць жыццём», памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае. Жыццё рода вышэй жыцця індывіда, жыццё народа вышэй жыцця воінаў і цара — так думаў антычны чалавек, складваючы афарызм пра памяць смерці.

Фото.jpg

 У.Калеснік, Я.Брыль, А.Адамовіч. Падчас збору матэрыялу да кнігі “Я з вогненнай вёскі”

   Па-рознаму тлумачаць выслоўе «помні пра смерць» даследчыкі твора Я. Брыля. Для гэтага ёсць падставы: прыгаданы аўтарам афарызм, як і водзіцца, у розных кантэкстах можа мяняць сэнс, намякаць раз на незваротнасць жыцця, а другі — на немінучасць смерці.

      Памяць пра смерць можа адводзіць ад спакусы рабіць памылкі, перасцерагаючы, што не хопіць часу на адкупленне віны — жыццё кароткае. Памяць пра смерць можа і амнісціраваць: усё роўна памрэш, святым ці грэшным.

     У апавяданні Я. Брыля дзейнічае першы з названых кантэкстаў, памяць пра смерць злучае героя з лесам продкаў, з іх наказамі жыць і паміраць па-людску».

 

© 2021 Я.Брыль "Memento Mori". Сайт створаны Станкевічам М.А.

bottom of page